Фестываль "На шляху з вараг у грэкі" ў Полацку

Полацк 2019, дракар, з вараг у грэкі

Фестываль "На шляху з вараг у грэкі" ў Полацку

Значнае месца ў гісторыі Полацкага краю належыць Заходняй Дзвіне - найстаражытнай транспартнай артэрыі. Аж да пачатку XX стагоддзя праз разгалінаваную сетку водных шляхоў зносін рэгіён быў уключаны ў агульнаеўрапейскую эканамічную сістэму, з'яўляўся паўнапраўным удзельнікам міжкультурнага ўзаемадзеяння.
Сярэднявечны Полацк ажыве 30 жніўня - 1 верасьня 2019 года. У гэтыя дні ў Полацку ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ENI-LLB-1-108 «Павышэнне канкурэнтаздольнасці і ўстойлівасці турызму ў сферы культуры, садзейнічанне захаванню, даступнасці і развіццю нематэрыяльнай культурнай і гістарычнай спадчыны ў Латвіі, Літве і Беларусі» Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія-Літва-Беларусь у рамках Еўрапейскага інструмента суседства на 2014-2020 гг. пройдзе Міжнародны фестываль «На шляху з вараг у грэкі».
Як і стагоддзі таму, у горад над Дзвіной з'едуцца госці з розных краін: Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Беларусі. Жыхары і госці акунуцца ў атмасферу сярэднявечнага Полацка: ажыўлены кірмаш, выбітная праца майстроў рамеснай слабады, выступ вулічных акцёраў, майстар-класы. Удзельнікі фестывалю прадставяць розныя этапы развіцця еўрапейскай сярэднявечнай моды.
Што і як гатавалі нашы продкі, якія стравы былі паўсядзённымі, а якія рыхтавалі на пышных балях - усё гэта даведаецеся ў працэсе кулінарнага конкурсу-дэгустацыі.
Самых маленькіх гасцей свята запрашае інтэрактыўная дзіцячая пляцоўка са старадаўнімі забаўкамі і забавамі, настольнымі гульнямі, атракцыёнамі, батлейкай.
Заходняя Дзвіна стане арэнай бітваў воінаў на караблях-драккарах. Як мяняўся горад на працягу гісторыі, можна будзе ўбачыць у час 3D-светлавога шоу «Старажытны Полацк».